2015-02-04T07:43:04+03:00
КП Беларусь

Адзінае выйсьце для пэнсійнай сыстэмы Беларусі - больш нараджаць?

На мінулым тыдні беларусам паабяцалі: пэнсійны век падвышацца ня будзе. Але не ўсіх гэта суцешыла
Поделиться:
Изменить размер текста:

На мінулым тыдні беларусаў суцешылі: пэнсійны век падвышацца ня будзе. Але гэтае “суцяшэньне” ня сталася вынікам шырокага грамадзкага абмеркаваньня магчымых накірункаў пэнсійнай рэформы, а проста было абвешчанае Аляксандрам Лукашэнкам і прадстаўнікамі Міністэрства працы й сацыяльнай абароны. Чаму гэтае пытаньне ўвогуле паўстала, прадстаўнікі Мінпрацы патлумачылі: Беларусь чакае скарачэньне колькасьці людзей працаздольнага веку й адначасовае павелічэньне колькасьці пэнсіянэраў. Гэта, паводзе разьлікаў экспэртаў (у тым ліку з Сусьветнага банку), прывядзе да дэфіцыту пэнсійнай сыстэмы ўжо ў 2014 годзе. Але галоўнае, што празь кепскую дэмаграфічную сытуацыю гэты дэфіцыт будзе павялічвацца й дасягне максымуму (5–6% ад ВУП) блізу 2050 году, калі нічога ў пэнсійнай сыстэме не мяняць. Гэта прыкладна палова ад усіх дзяржаўных выдаткаў на пэнсіі. Тады тыя, каму зараз 20 год, атрымаюць амаль ўдвая меншую пэнсію (у адносінах да сярэдняга заробку), чым сучасныя пэнсіянэры, ці дзяржава мусіць штогод шукаць на пэнсіі суму, прыкладна роўную штогадовым выдаткам на ўсю сыстэму адукацыі. Вядома, ніводзін з варыянтаў не выглядае прывабным.

Але калі пэнсійны век застаецца нязменным, што нам прапаноўваюць у якасьці выйсьця? Галоўная прапанова (якая пакуль не зацьверджаная ўрадам) разьлічаная на тое, што людзі, якім надыйшоў час выходзіць на пэнсію, адмовяцца ад яе атрыманьня на некалькі год і папрацуюць яшчэ, каб мець больш высокую пэнсію. Памеры “надбаўкі” за такую дабраахвотную адмову даволі істотныя, і, магчыма, нехта захоча “рызыкнуць” і пажыць некалькі год бяз пэнсіі, каб рэшту жыцьця атрымліваць болей за тых, хто не паквапіцца на такую прапанову. Але ці ўратуе гэта пэнсійную сыстэму ад дэфіцыту?

Па-першае, людзі наўрацьці пачнуць шырока карыстацца такой магчымасьцю. На 1–2 гады гэта нявыгадна нікому – бо згубленая за гэты час пэнсія проста не “адаб’ецца” за рэшту жыцьця. Мужчынам гэта нявыгадна ні ў якім выпадку, хіба калі яны пражывуць на пэнсіі не чаканых статыстыкай 14 гадоў, а гадоў 20 ці болей. Атрымліваецца, што выгоду могуць атрымаць хіба жанчыны-доўгажыхаркі, якія папрацуюць бяз пэнсіі пяць ці болей гадоў. Але хто можа загадзя ведаць, колькі яму ці ёй адмерана?

Па-другое, нават калі ўявіць, што ўсе тыя, каму надыходзіць час выходзіць на пэнсію, скарыстаюцца з гэтай прапановы (скажам, адмовяцца ад пэнсіі на 5 год), то атрымаецца, што рэшту іх жыцьця дзяржава мусіць сплочваць ім большыя грошы. Гэта можна параўнаць з падвышэньнем пэнсійнага веку, толькі з большымі пэнсіямі. Сусьветны банк палічыў, што, калі пэнсійны век падняць на 5 год (для ўсіх), дэфіцыт пэнсійнай сыстэмы адсунецца прыкладна на 2040 год. Але ня зьнікне! А калі дзяржава яшчэ возьме на сябе забавязальніцтвы плаціць больш, дэфіцыт паўстане раней і будзе большым. Таму прапанаваная “рэформа” – ня выйсьце з той пасткі, у якую мы патрапілі празь нізкую нараджальнасьць апошніх 20 год.

Што ж рабіць, каб даць магчымасьць сучасным маладзёнам не застацца бяз пэнсіі на старасьці год? Выбар не вялікі. Сусьветны банк прапаноўвае “адвязаць” пэнсію ад заробку й адно індэксаваць яе на памер інфляцыі, а таксама ўзьняць пэнсійны век. Гэта стабілізуе фінансы пэнсійнай сыстэмы, але выліецца ўва ўзрастаньне беднасьці сярод пэнсіянэраў. Можна яшчэ палепшыць магчымасьці для назапашваньня сабе дадатковай пэнсіі – але беларусы пакуль што не думаюць пра яе загадзя, ды й залішніх грошай на доўгатэрміновыя ашчаджэньні няшмат. Можна інвэставаць частку пэнсійнага фонду – але ў сучасным нестабільным сьвеце складана забясьпечыць дастаткова высокі й безрызыкоўны прыбытак на такія інвэстыцыі. Таму застаецца адзінае выйсьце – паляпшаць дэмаграфічную сыуацыю зараз, каб у 2050 годзе было каму плаціць падаткі на пэнсіі тагачасным пэнсіянэрам. Сцэнары экспэртаў такга выйсьця не прадугледжваюць .

Еще больше материалов по теме: «Беларусь: мнение экономиста»

Подпишитесь на новости:
 
Читайте также