2015-02-04T07:50:09+03:00
КП Беларусь

Скачок курса з 8010 да 8220 – што гэта было?

Чаму, калі ўсе добра, мы чакаем горшага
Поделиться:
Изменить размер текста:

Некалі натрапіў у адной беларускай казцы – даволі такі страшнай – на трапную характарыстыку беларусаў: калі ўсё добра, мы чакаем горшага.У казцы было так: вясна была раньняя ды цёплая, лета – ні засухі, ні залевы, дожджык калі трэба ды колькі трэба… Але чым бліжэй да восені, тым больш людзі турбуюцца: калі ўсё так добра ды зацішна, відаць, чакай хуткай бяды (вядома ж, у казцы так і атрымалася). Вось і зараз: курс стаяў, нават ўмацоўваўся – але чым больш умацоўваўся, тым менш верылася, што вось яно, нарэшце… І праўда – за некія там тры тыдні даляр ўздаражэў на цэлых 250 рублёў! Праўда, потым рубель трохі адыграў – але ці надоўга? Паспрабуем паразважаць над гэтым слушным пытаньнем сапраўдных беларусаў.

Спачатку ўзгадаем, што рэжым усталяваньня валютнага курсу ў нас называецца “кіраванае плаваньне”. То бок курс усталёўваецца на падставе попыта і прапановы, але Нацбанк можа ці прадаць трохі валюты, ці скупіць яе лішкі, каб пазьбегнуць рэзкіх скачкоў курсу. Далей прыгадаем, што замежная валюта у сьвеце не адна – апроч даляра для нас істотнымі можна назваць эўра і расейскі рубель. Напрыклад, калі даляр ад 3 траўня (тады ён каштаваў 8010 рублёў) ўзмацніўся на 2.6%, то эўра “згубіў” 2.4%, расейскі рубель – ажно 5%, а кошык з трох валют патаньнеў усяго на 1.6%. Такім чынам, беларускі рубель апошнім часам хутчэй ўзмацніўся, чым патаньнеў. Калі нават нехта напачатку траўня паклаў беларускія рублі ў банк ды меўся празь месяц памяняць іх на даляры, то й ён ня страціў, калі адсоткавая стаўка па ягоным укладзе была не ніжэй за 36% гадавых. Калі ж ён меўся набыць эўры ці расейскія рублі, то неблага выйграў.

Але гэтыя развагі тычацца мінулага. Беларусы з казкі скажуць: “вось, бачыш, усё ж такі ўсё ЗАНАДТА добра. Відаць, хутка дэвальвацыя ці якая іншая хвароба…” І, шчыра кажучы, казачныя беларусы – людзі мудрыя. Павольнай дэвальвацыі, магчыма, трэба баяцца меней, чым занадта стабільнага курсу. І вось чаму. Нацбанк перайшоў да вольнага курсаўтварэньня не ад добрага жыцьця – валютных рэзэрваў не хапала, каб трымаць курс. Ці хопіць іх зараз, калі нехта ўва ўрадзе раптам вырашыць, што ў назьве “кіраванае плаваньне” націск трэба ставіць на першае слова? Хутчэй не. Бо Беларусі зараз трэба ня сплочваць вонкавы доўг, абслугоўваць яго (плаціць адсоткі), ды яшчэ разьлічвацца за газ, нафту ды іншы імпарт. То бок попыт на валюту будзе аб’ектыўна перавышаць прапанову. Пытаньне ў тым, наколькі – бо ад гэтага залежыць, якой будзе выніковая дэвальвацыя. Калі штучна стрымліваць курс (а цэны ж растуць спраўна!), артымаецца, што імпарт ізноў зробіцца прывабнейшы за беларускія тавары, а наш экспарт, наадварот, зробіцца даражэйшым. У выніку попыт на валюту ўзрасьце, а прапанова – скараціцца. І ўтрыманьне курсу будзе вымагаць яшчэ большай часткі рэзэрваў.

Як вызначыць, ці не занадта стабільным зрабіўся беларускі рубель? Вядома ж, варта сачыць, што адбываецца з валютнымі рэзэрвамі. Калі яны зьмяншаюцца, а курс стаіць – чытаем тлумачэньні Нацбанку. Напрыклад, іх памяншэньне ў красавіку Нацбанк патлумачыў “датэрміновым выкананьнем забавязальніцтваў у замежнай валюце на 400 млн даляраў”. Шкада, што не падрабязьней – але падобна да праўды. Пакуль усё добра, чакаем далей. Ці, скажам, возьмем мы пазыку на мільярд, а рэзэрвы вырастуць на 500 мільёнаў – вось тут трэба быць уважлівым, магчыма, вяртаецца практыка “рашэньня” праблемаў вонкавымі пазыкамі. Але калі дэвальвацыя ідзе павольна (і павольней, чым можна зарабіць на рублёвых дэпазытах), ці калі курс стаіць разам з рэзэрвамі – лепш не нэрвавацца за свае беларускія грошы. Набег на банкі можа стацца прычынай тых праблемаў, якіх не хацеў бы ніхто – ні нацбанк, ні звычайныя грамадзяне.

Еще больше материалов по теме: «Беларусь: валютный кризис»

Подпишитесь на новости:
 
Читайте также