2015-02-04T07:56:07+03:00
КП Беларусь

Як у пошуках росту не наступіць на старыя граблі

Пасьля таго, як беларускія ды замежныя эканамісты ў адзін голас пачалі казаць пра вычарпаньне патэнцыялу старой эканамічнай “мадэлі”, беларускія ўлады схамянуліся: сапраўды, трэба шукаць новыя крыніцы росту!
Поделиться:
Изменить размер текста:

Ну, а паколькі нічога новага ў гэтым сьвеце ўжо не бывае, узгадалі пра неабходнасьць росту прадукцыйнасьці працы. Бо як жаж інакш заробкі падвышаць? Праўда, пра тое, што заробкі мусяць даганяць прадукцыйнасьць, а не наадварот, забыліся ўжо праз паўгады. Але ж жаданьне знайсьці крыніцы росту засталося. “Прагноз” на наступны год зацьвержданы– рост ВУП на 8.5% – якія ж крыніцы гэтага росту?

Галоўная крыніца росту, як і належыць, інвэстыцыі. Хіба ж тут паспрачаешся – каб расьці, трэба мадэрнізаваць вытворчасьць, а гэта вымагае капіталаўкладаньняў. Праўда, застаецца некалькі пытаньняў. Першае: шырокамаштабная мадэрнізацыя прадпрыемстваў з адначасовым выйсьцем на дакрызісныя аб’ёмы буданіцтва жытла (яшчэ адна “крыніца”) запатрабуюць дахалеры грошай. Адкуль столькі? Здаецца, грошы дадуць банкі (а дзяржава іх падтрымае, калі спатрэбіцца). Добра, другое пытаньне: калі столькі грошай будзе скіраванае на інвэстыцыі, адкуль возьмецца абсталяваньне ды матэр’ялы для будаўніцтва? Відавочна, што вялізная іх частка будзе імпартавацца. Тады трэцяе: ці ня станецца чаканае падвышэньне імпарту праблемай для макраэканамічнай стабільнасьці, ці, інакш кажучы, адкуль возьмецца валюта дзеля аплаты імпарту? Можна працягваць, але галоўнае пытаньне іншае. Хто вырашыў, што Беларусі патрэбна менавіта столькі інвэстыцыяў, і менавіта ў тыя прадпрыемствы ці будоўлі?

Ідэя пра тое, што дзеля “патрэбнага” росту ВУП трэба прафінансаваць “патрэбныя” інвэстыцыі, зьявілася ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя. Крыху пазьней яе аўтар, эканаміст Яўсей Домар, ад яе адмовіўся, адзначыўшы, што ягоная мадэль не давала адказу на пытаньне, як дасягнуць высокіх тэмпаў эканамічнага росту. Але ад таго часу гэтая ідэя апанавала мноства галоваў – і час ад часу нейкая дзяржава пачынала ўкладваць грошы ў эканоміку, каб хутка дасягнуць патрэбнага ўзроўню дабрабыту. З гэтае нагоды іншы эканаміст, Фрыдрых Гаек, заўважыў, што калі б дзяржава ведала, куды найбольш выгадна інвэставаць, навошта быў бы патрэбны бізнэс? Яшчэ нейкіх 20 год таму мы жылі ў адной дзяржаве, якая вырашыла, што бізнэс непатрэбны – і стаялі ў чэргах па звыклыя зараз тавары. Зараз сытуацыя іншая – але дзяржава ў эканоміцы паўсюдна, і яе доля істотна перавышае долю прыватнага сэктару, які, паводле яшчэ аднаго эканаміста 20 стагодзьдзя Ёзафа Шумпэтэра ёсьць крыніца й рухавік эканамічнага разьвіцьця.

Я ўжо пісаў пра беларускія казкі – бадай, няма сытуацыі ў нашай эканоміцы, якую яны не адлюстроўвалі б. Калі чытаеш пра пляны ўраду на наступны год, узгадваецца казка, дзе вясковы хлопец, што “забыўся” на назвы гаспадарчых прыладаў пасьля вучобы ў горадзе, усклікнуў, наступіўшы на граблі: “і які дурань тут граблі кінуў?!” Якую навуку мы атрымалі з крызісу? Ужо мінуў амаль год ад моманту “другой” дэвальвацыі, але краіна ні на крок не пасунулася ў накірунку стварэньня новай (для нас) эканамічнай мадэлі. На дадзены момант “сухая рэшта” абмеркаваньняў плянаў на наступны год – рэфінансаваньне крэдыту ў 1 млрд даляраў Беларускалію (каб урад не вяртаў гэтыя грошы ў 2012 годзе), падвышэньне ліміту вонкавага дзяржаўнага доўгу ў 2013 годзе на 2 млрд даляраў, намер выпусьціць эўрааблігацыі на 0.5–0.6 млрд даляраў, ды чаканыя ў кастрычніку перамовы з МВФ пра новы вялікі крэдыт. Што праўда, цяжка ўявіць сабе, што МВФ пагадзіцца на чарговую праграму, калі ўбачыць такія “новыя крыніцы росту” у плянах ураду–застаецца спадзявацца на тое, што патрэба ў гэтым крэдыце прымусіць улады перагледзець гэтыя пляны ды распачаць нарэшце сапраўдныя рынкавыя рэформы.

Подпишитесь на новости:
 
Читайте также