2015-02-04T07:56:47+03:00
КП Беларусь

Жнівеньскі скачок цэн - пачатак тэндэнцыі ці кароткачасовая з’ява?

Хоць у нас і невялікая краіна, але ж свет мы ўспрымаем ну вельмі маштабна.
Поделиться:
Изменить размер текста:

Вось, напрыклад, Белстат падлічыў, што за першыя тры тыдні жніўня спажывецкія цэны падвысіліся на 2,2% да ліпеньскіх цэнаў. Вось так, за тры тыдні мы перасягнулі амэрыканскую гадавую інфляцыю й амаль дасягнулі гадавы паказчык інфляцыі ў Эўразоне. Але там - крызіс, а ў нас - інфляцыя пад кантролем. Падумаеш, два адсоткі - вунь, сярэдні заробак (намінальны) адно за ліпень падросна 4,6%, а за апошнія тры месяцы - і ўвогуле больш чым на 20%. Пра такі рост не мараць нават моцныя эўрапейскія прафсаюзы. А яшчэ ў жніўні падвысілі пэнсіі, з верасьня тарыфная стаўка першай ступені падрасце - можна жыць, дый няблага!

Вядома ж, калі б усё было так проста, ніхто ў свеце гора б не знаў. Пачала інфляцыя “есці” даходы - даў грошай з бюджэту, падвысіў заробкі й пэнсіі… Але вось праблема: як пачынаеш гэтак хутка ўкідваць грошы ў эканоміку, інфляцыя спачатку даганяе, а потым і абганяе рост даходаў. Вось і ў нас зараз нешта падобнае адбываецца: заробкі спраўна растуць ад пачатку года, асабліва хутка - з траўня. А з красавіка стала расце грашовая база - грошы, якім Нацбанк “дазваляе” патрапіць ў абарот. У выніку штомесяц (ліпень - невялікае выключэньне) сярэднія спажывецкія цэны растуць не менш чым на 1,5%, што пакуль істотна менш чым летась, але значна больш чым у “дакрызісным” 2010-м.

Але гэта мінулае, а што можа стацца з інфляцыяй і даходамі ў бліжэйшай будучыні? Па-першае, даходы. Шэраг даследчыкаў заўважылі тэндэнцыю: чым бліжэй да выбараў, тым хутчэй растуць заробкі. Пасля выбараў іхні рост звычайна моцна запавольваецца, каб прыйсці ў адпаведнасць з прадукцыйнасцю працы. Падобна да таго, што й зараз надта хуткі рост заробкаў - з'ява кароткачасовая, і неўзабаве пасля парлямэнцкіх выбараў можна чакаць ягонага запавольвання. Інфляцыя – з'ява больш складаная. З аднаго боку, калі заробкі пачнуць расці павольней, адна з крыніцаў інфляцыі зьнікне. З другога боку, знайсці новую крыніцу - рэч нескладаная. І дзеля гэтага неабавязкова актыўна друкаваць грошы. Можна проста прыводзіць тарыфы на камунальныя паслугі “ў адпаведнасьць з выдаткамі” - і рост спажывецкіх цэнаў гарантаваны.

Менавіта гэта й было прычынай апошняга скачка цэнаў: у жніўні падвысіліся тарыфы на шэраг паслуг жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Яны скочылі даволі істотна, на 10 - 30% (прычым гэта той выпадак, калі мы адразу ж заўважым гэта ў сваіх “жыроўках”, бо былі падвышаныя тарыфы, не звязаныя з ацяпленнем). Але, па-першае, былі падвышаныя не ўсе тарыфы. Па-другое, каб давесьці пакрыццё выдаткаў тарыфамі да больш-менш прымальнага ўзроўню, цэны на паслугі ЖКГ давядзецца падвышаць яшчэ неаднойчы. Ці варта чакаць далейшага істотнага падвышэння тарыфаў, ці не - цяжка сказаць, але вядома, што апошнія два з паловай гады камунальныя паслугі даражэлі нашмат павольней за астатнія тавары й паслугі. А вось раней яны падвышаліся альбо хутчэй за астатнія цэны (каб павялічыць пакрыццё выдаткаў тарыфамі), альбо прыкладна аднолькавымі тэмпамі (індэксаваліся). Відавочна, што пэўны стымул для падвышэньня тарфаў ёсць - вунь колькі разоў казалі, што трэба “адабраць” частку грошай, якую людзі атрымалі ў выглядзе вышэйшых заробкаў і пэнсіяў. І падвышаць іх трэба, бо зараз дзяржава ўсё роўна забірае ў нас недаплачаную частку грошай, бо кампэнсуе страты камунальных прадпрыемстваў з тых падаткаў, якія мы плацім у бюджэт.

Але інфляцыя такога кшталту, калі адзін складнік спажывецкага кошыку даражэе хутчэй за іншыя, можа моцна адбіцца на тых групах насельніцтва, якія выдаткоўваюць на гэты складнік адносна вялікую частку сваіх даходаў. Вядома ж, гаворка не пра тых, хто мае ўва ўласнасці па пяць кватэр, а пра самотных пэнсіянэраў ды іншыя падобныя групы. Калі найбольш пацярпелыя атрымаюць у якасці кампэнсацыі сацыяльную дапамогу – атрымаецца амаль збалансаваная рэформа, якія зараз так патрэбныя нашай краіне.

Подпишитесь на новости:
 
Читайте также