2015-02-04T07:58:42+03:00
КП Беларусь

Верыце ў эканамічныя цуды? – Сачыце за экспартам!

Нядаўна я, нарэшце, зразумеў, як урад выканае плян па росьце ВУП на 5.5% за год.
Поделиться:
Изменить размер текста:

Усё вельмі проста: вазьмеце тэмп росту ВУП за студзень-кастрычнік 2012 году (2.2%) й перавярнеце дагары нагамі – вось вам і плян! Кожны дзіцёнак ведае, што 5 – гэта 2 дагары нагамі, а мы,экспэрты з аналітыкамі, на такую простую рэч забыліся! Галоўнае, удала падабраць лічбу, каб варочалася добра. Вось і наступны год пачынае выглядаць зусім інакш – 2.8%росту ВУП замест 8.5%. Так што наконт напампоўваньня эканомікі грашыма можна не турбавацца – нашто яе дзеля такога маленькага росту яшчэ й грашыма напампоўваць?!

Ну, а калі пра грашовую палітыку турбавацца ня варта, было б нядрэнна зірнуць на іншыя рэчы, што адбываюцца ў эканоміцы. А яны ня вельмі прыемныя. Яшчэ ў жніўні Расея чамусьці змусіла беларускі бок спыніць экспарт нашых рашыняльнікаў ды змазачных матэр’ялаў, якія апынуліся занадта падобнымі да імпартаваных адтуль нафтапрадуктаў. За гэтым усе сачылі вельмі ўважліва, а той-сёй нават не паленаваўся на ўсялякі выпадак забраць з банку свае рублёвыя ўклады, калі экспарт гэтых нафтапрадуктаў спыніўся. Нагода спалохацца, бадай што, ёсьць: паводле статыстыкі за 9 месяцаў бягучага году, амаль палова экспарту (45.7%) – гэта энэрганосьбіты. Гаворка ідзе пра экспарт нафты (якую мы здабываем у Беларусі, але экспартуем дзякуючы магчымасьці набываць танную нафту ў Расеі), нафтапрадуктаў (якія мы вырабляем з таннай расейскай нафты),рашчыняльнікаў ды змазачных матэр’ялаў (якія мы “выраблялі” з расейскіх нафтапрадуктаў). А што будзе, калі раптам сяброўства з Расеяй будзе не такім моцным? Было ж такое ў 2010 годзе – тады энэрганосьбіты складалі крыху больш за чвэрць (27%) ад нашага экспарту. Бадай, моцна не памылюся, калі скажу, што энэргетычнаму экспарту Беларусі няма куды расьці, але ёсьць куды падаць.

За імпартам сачылі ня так пільна.Вось і не дагледзелі: спачатку ён падаў, потым перастаў, а потым – пачаў расьці, ды ўсё больш хутка (асабліва калі адкінуць газ, нафту й нафтапрадукты). Але й гэта не бяда – як у вядомым савецкім жарце, “бяда – гэта калі куры здохлі”. У нашым выпадку ролю курэй адыгрывае неэнэргетычны экспарт. Ад пачатку году месяц за месяцам ён рос усё павольней, а потым і ўвогуле ўпаў. Прычынаў на тое некалькі. Па-першае, летась станоўчы ўплыў абясцэньваньня беларускага рубля для экспарту быў як раз у трэцім-чацьвёртым кварталах (а імпарт, наадварот, скараціўся тады найболей). Атрымліваецца, што зараз мы параўноўваем экспарт з высокімі паказчыкамі, а імпарт – зь нізкімі.У такіх умовах экспарту расьці складана, а імпарту – лёгка. Па-другое, ад пачатку году курс беларускага рублю быў адносна стабільны, а цэны ў Беларусі расьлі хутчэй, чым у краінах – асноўных гандлёвых партнэрах. Таму набыцьцё беларускіх тавараў рабілася менш выгадным, што, вядома, адмоўна адбіывлася на экспарце й спрыяла імпарту. Але галоўнае, што эканамічны рост у нашых гандлёвых партнэрах – галоўны рухавік экспарту – запавольваўся. І, паводле прагнозаў міжнародных арганізацыяў, будзе запавольвацца цягам бліжэйшых гадоў. Таму пэрспэктывы нашага неэнэргетычнага экспарту выглядаюць ня вельмі вясёлкавымі. А зь імі – і пэрспэктывы эканамічнага росту ўвогуле, бо галоўным рухавіком росту апошнім часам быў менавіта экспарт.

Дадамо яшчэ некалькі дэталяў да гэтай змрочнай карціны. Галоўная зь іх – дзяржава доўга “жыла не па сродках”, таму краіна назапасіла вялікі вонкавы доўг, які зараз трэба сплочваць ды абслугоўваць (плаціць адсоткі). На гэта трэба некалькі мільярдаў даляраў штогод цягам бліжэйшага часу. Другая: мы вяртаем у расейскі бюджэт амаль увесь звышпрыбытак ад экспарту нафтапрадуктаў. Гэта яшчэ некалькі мільярдаў. Трэцяя: за апошнія гады ўлады прадалі некалькі буйных кампаній замежнікам – і зараз інвэстары атрымліваюць даход ад гэтых актываў, частку якога (каля мільярду) вывозяць з краіны. Калі ж мы яшчэ пачнем імпартаваць болей, чым экспартуем, то чарговы валютны крызіс станецца пытаньнем часу: як надоўга ў нас хопіць дзяржаўнай уласнасьці, якую ўлады здольныя будуць прадаць, і як доўга нам будуць пазычаць грошы на сплочваньне старых даўгоў. Дзеля гэтага нават не спатрэбіцца друкаваць грошы – попыт на валюту і так будзе завысокі. Застаецца інвэставаць ува ўласны чалавечы капітал, чакаць цуду ў выглядзе замежных інвэстыцыяў – і сачыць за экспартам.

Подпишитесь на новости:
 
Читайте также