2015-02-04T07:59:39+03:00
КП Беларусь

Цуды, падарункі ды іншыя эканамічныя праявы старога году

Тыпова беларускі навагодні тост: “Ну, каб Новы год быў ня горшы за стары!” Маўляў, калі ўжо дажылі да сьвятаў, то й год быў ня надта благі.
Поделиться:
Изменить размер текста:

Шчырая праўда! Мяркуйце самі: прадукцыйнасьць працы падвышалася млява, а заробкі дарасьлі да абяцаных,спыніўся экспарт рашчыняльнікаў, а залатавалютныя рэзэрвы ня зьменшыліся, усе чакалі дэвальвацыю, а яе ня здарылася. Чаму б не пажадаць яшчэ аднаго гэдкага ж году? І ўвогуле, на Новы год нават дарослыя спадзяюцца на цуды, а некаторыя нават здольныя ў іх паверыць.

Дарэчы, пра цуды. Выглядае, што найбольш на іх спадзяюцца беларускія ўлады. Вось, напрыклад, вярнулі дзяржаве “законнае” права займець, калі пажадаецца, кантроль над прыватызаванымі прадпрыемствамі, але спадзяюцца, што ў краіну прыйдзе шмат замежных інвэстыцыяў. Мяжа з Расеяй адкрытая, заробкі там высокія, а ўлады спадзяюцца ўтрымаць работнікаў дрэваапрацоўкі пагрозамі ды працоўнымі кантрактамі. Структурных рэформаў не плянуюць, але вераць у тое, што атрымаецца ўзяць крэдыт у Міжнароднага валютнага фонду. Але наймацнейшая вера ў цуды ў тых, хто плянуе й дзяржаўныя даўгі сплаціць, і рост ВУП на 8,5% у 2013 годзе.Хаця, калі задумацца, чаму б і не - кожны дзіцёнак ведае, што, калі нешта моцна хочаш,гэта абавязкова збудзецца. Праўда, невядома калі…

Дарэчы, пра дзяцей. Шмат хто скажа вам, што Новы год - гэта сямейнае сьвята. Напярэдадні гэтага Новага году беларусы сапраўды пастараліся зрабіць яго больш сямейным - цягам году расла нараджальнасьць ды скарачалася сьмяротнасьць. Мушу, праўда, заўважыць, што нам яшчэ далёка да тых часоў, калі падарункі родным у тыповай беларускай сям’і не зьмясьціліся б пад ёлкай. Іншыя скажуць, што на сьвяты трэба павандраваць - і ўсё болей беларусаў вандруюць! Што праўда, збольшага тыя вандроўкі - па таньнейшыя тавары ў Польшчу ды Літву, ці ў пошуках працы - у Расею. Але што тут скажаш - калі сем’і растуць, такія вандроўкі робяцца неабходнымі, бо трэба ж падарункаў пад ёлку навезьці!

Дарэчы, пра падарункі. Іх беларусы ў гэтым годзе атрымалі нямала, ды якіх! Вось, напрыклад: пэнсійны век падняць пагражалі, але не паднялі, плату за ўваход у паліклінікі хацелі ўвесьці - не ўвялі, абяцалі забараніць продаж чарніла - не забаранілі. Дарэчы, пра чарніла: мусіць, узгадалі, што у большасьці нашых людзей Новы год не абыходзіцца без чаркі, ці кілішка, ці пляшкі - хто як умее. Забараніць такое - гэта як забраць у дзіцяці цукерку (вунь колькі айчынныя цукеркі зараз каштуюць!). Ды ўвогуле, і без таго продаж алкаголю ў гэтым годзе скарачаецца, а значыць, меншаюць даходы бюджэту ад алкагольных акцызаў, і ў дзяржавы менее грошай на дапамогу маладым маці, шматдзетным сем’ям, пэнсіянэрам… Хаця пра што гэта я, яны ж зь іншых крыніцаў фінансуюцца, з падатку на фонд заработнай платы - вунь ён у нас які, амаль найбольшы ў сьвеце! Ну, усё роўна правільна, што продаж чарнілу не адмянілі - бо як ня вып’е чалавек на Новы год, раптам у цуды верыць перастане? А для каго тады тэлебачаньне навагодняе працаваць будзе? І калі веры ў цуды няма - як тады іх ствараць агульнымі намаганьнямі? Сваечасова паклапаціліся пра будучыню краіны, што й казаць - адвялі ад прорвы!

А ўвогуле, распавядаць пра эканоміку напярэдадні Новага году - усё роўна як даводзіць дзецям, што Дзеда Мароза няма. Усё роўна слухаць ня будуць! Са сьвятамі вас, шаноўныя чытачы, - дай вам Бог здароўя, мудрасьці й шматлікіх нагодаў да весялосьці.

Подпишитесь на новости:
 
Читайте также