2015-02-04T08:01:26+03:00
КП Беларусь

«Будзе нафта – будзе хлеб?»

Або чым небяспечны для эканомікі ільготныя ўмовы
Поделиться:
Изменить размер текста:

Сьвяткаваць Новы год беларусы пайшлі з палёгкай: амаль у апошні момант Беларусь і Расея дамовіліся наконт паставак нафты, прынамсі, на першы квартал 2013 году. Як гаворыцца ў новай беларускай прыказцы, “будзе нафта – будзе хлеб”. А нафта, як вядома, паходзіць з Мытнага зьвязу. Як і іншыя даброты кшталту прэфэрнэнцыйнага доступу да расейскага (ну, і казахстанскага і кыгрыскага) рынку. З 1995 году – менавіта тады ўтварыўся Мытны зьвяз Беларусі й Расеі (у 2010 годзе ён перафарматаваўся ў Мытны зьвяз ЭўрАзЭС) – Беларусь атрымала шмат таннай расейскай нафты ды газу. Летась, напрыклад, доля нафты й нафтапрадуктаў (улучна з рашчыняльнікамі й змазачнымі матэр’яламі) наблізілася да паловы нашага экспарту. Беларусь, амаль ня меўшы ўласнай нафты, трывала замацавалася сярод краінаў, залежных ад экспарту нафты. А як мы ведаем з сусьветнага досьведу, “дзе нафта – там галяндзкая хвароба”. Гэта калі звышпрыбыткі ад раптам атрыманых нафты ці газу ці іншых падобных сыравінавых тавараў не ашчаджаюцца ў нейкім адмысловым фондзе, а выдаткоўваюцца на бягучае спажываньне ці непрадукцыйныя інвэстыцыі.

Калі ўзгадаць перадкрызісныя часы, то робіцца відавочным, што Беларусь нечым падобным хварэла. Звышпрыбыткі былі – але й былі звышвыдаткі, якія выліліся ў звышдэфіцыт. У выніку нафтавыя даходы не затрымаліся ў нейкім адмысловым фондзе ці золатавалютных рэзэрвах, і замест “падушкі бясьпекі” Беларусь атрымала крызіс 2011 году, а рэзэрвы краіны зараз складаюцца выключна з дзяржаўнага доўгу – каб яго сплаціць, рэзэрваў нават ня хопіць. Апынулася, што плюс пераўтварыўся ў мінус, а прыбыткі – у доўг.

Што далі Беларусі іншыя даброты мытнага зьвязу?Ці здолелі нашыя вытворцы скарыстацца “адмысловым” становішчам на расейскім рынку, ды, адштурхнуўшыся ад гэтага, разьвіць свае канкурэнтныя перавагі? Выглядае, што не. За апошнія 10 год нашая доля на расейскім рынку падвысілася адно па сельскагаспадарчых прадуктах, а на такіх істотных для нас рынках як вытворчасьць транспартных сродкаў і машынабудаўніцтва, дрэваапрацоўка, лёгкая і хімічная прамысловасьць мы саступілі канкурэнтам зь іншых краінаў даволі вялікую долю рынку. Але нават на посьпехі харчовай прамысловасьці ды сельскай гаспадаркі глядзіш інакш, калі ўзгадаеш, што доўг сельскай гаспадаркі Беларусі паводле ацэнак Сусьветнага банку амаль утрая перавышае валавы ўнутраны прадукт гэтага сэктару эканомікі.Увогуле, дзеля эканамічных “посьпехаў” улады асабліва не ашчаджалі – на субсідыі эканоміцы штогод выдаткоўвалася прыкладна пятая частка бюджэту.

Як так апынулася, што нават нашыя “посьпехі” залежалі ад дзяржаўных субсідыяў, а тое, што падавалася шматабяцальным ды абароненым рынкам, амаль страчана? Як і ўвыпадку з нафтай, усё тлумачыцца стымуламі. І танныя газ з нафтай, і адмысловыя правы на расейскім рынку зьяўляюцца штучнымі канкурэнтнымі перавагамі. Атрымліваецца, што прадпрыемствы нічога ня робяць дзеля таго, каб быць больш эфэктыўнымі, але атрымліваюць канкурэнтныя перавагі “за ніц”. Тым часам кітайцы шчыруюць, каб зрабіць свае тавары больш канкурэнтаздольнымі – і выйграюць расейскі рынак, набываўшы нафту й газ па рынкавых цэнах і ня меўшы прэфэрэнцыяў, якія мелі беларускія кампаніі. А мы апынаемся на тым самым месцы, зь якога пачыналі, адно з шматкроць большым доўгам ды валізкай дадатковых праблемаў.

Вядома ж, пра тое, што рознага кшталту палёгкі ды прэфэрэнцыі маюць вынікам страты эфэктыўнасьці, напісана ў КНІГАХ. Але апошнія ў Год Кнігі настолькі ўздаражэлі, што ня кожны дакупіцца. Мо’ варта абвесьціць наступны год Годам Гарэлкі – а раптам яна праз гэта ўздаражэе настолькі, што людзі кінуць піць ды пачнуць кнігі чытаць?

Подпишитесь на новости:
 
Читайте также