2015-02-04T08:16:58+03:00
КП Беларусь

Даўгі нашыя: пазычаем, каб аддаваць, каб потым ізноў пазычаць, каб потым…

Красавік быў багаты на “даўгавыя падзеі”.
Поделиться:
Изменить размер текста:

Улады пазычылі на ўнутраным рынку 125 млн. даляраў (у далярах), атрымалі пяты транш крэдыту АКФ ЕўрАзЭС (440 млн. даляраў), сплацілі больш за 260 млн. даляраў доўгу МВФ і, вядома ж, выдаткавалі некалькі дзесяткаў мільёнаў на абслугоўваньне вонкавага доўгу. У дадатак прадстаўнікі Мінфіну абвесьцілі пра намер і надалей пазычаць грошы ў валюце на ўнутраным і на вонкавым рынках. Беларусь перажывае часы пікавых выплат па вонкавым доўгу, і ўлады спрабуюць адкласьці гэтыя выплаты на будучыню, беручы новыя пазыкі дзеля сплаты старых (калі казаць прыгожа, рэфінансуюць доўг).

Гэты сьціслы й далёка няпоўны пералік гісторыяў пра цывілізаваныя спосабы фінансаваньня бюджэтных выдаткаў нічога ня кажа пра наступствы такіх дзеяньняў. Відавочная, а таму ня вельмі цікавая рэч:выглядае, што сплочваць даўгі мусяць нашыя дзеці. Пра іх дбаюць мала, бо дзеці, як вядома, выбарчых правоў ня маюць, а калі б нават мелі… Ну, ды гэта ўжо пра іншае. Менш відавочная рэч - наступствы росту ўнутранага доўгу. Што адбываецца, калі ўрад пазычае ў кампаніяў ці насельніцтва? Правільна - кампаніі й насельніцтва не інвэстуюць гэтыя грошы, а ўрад выдаткоўвае іх на тое, каб сплаціць старыя пазыкі. Значыць, грошы не працуюць, і той доўг і тыя адсоткі, што ўрад вінаваты пазычальнікам, трэба будзе вяртаць з даходаў ад падаткаў. Атрымліваецца, што тыя, хто пазычыў грошы ўладам, потым самі сабе гэтыя грошы аддадуць. Амаль як у тым анекдоце: і ня выпіў, і два рублі вінен застаўся…

Добра, гэта зразумела. А раптам пазычаныя грошы будуць накінаваныя на фінансаваньне мадэрнізацыі, то бо дзяржаўных інвэстыцыяў? Тады яны будуць працаваць, дзяржава атрымае прыбытак, якога зь лішкам хопіць, каб сплаціць і доўг, і адсоткі… Але й тут нас можа чакаць неспадзяванка. Калі дзяржаўныя прадпрыемствы эфэктыўныя, чаму б ім не пазычыць грошы на мадэрнізацыю ў банкаў (якія, дарэчы, былі асноўнымі пакупнікамі дзяржаўных валютных аблігацыяў напрыканцы мінулага году)? Нашто ўраду быць пасярэднікам: калі гэтыя прадпрыемствы здольныя атрымаць прыбытак ад такой мадэрнізацыі, то яны ж дзяржаўныя - і дзяржава як уласьнік атрымае сваю частку? “А дзяржава фінансуе не прыбытковыя праекты, але сацыяльна значныя - падкажуць нам тэарэтыкі. Але беларускія ўлады неаднаразова адзначалі прыярытэтнасьць укладаньняў менавіта ў высокапрадукцыйныя вытворчасьці. Выглядае, што альбо банкі кепска ўпраўляюцца з функцыяй фінансавых пасярэднікаў (тады ўраду трэ’ было б вінаваціць ці “сквапныя” банкі, ці самога сябе), альбо прыбытку на такія інвэстыцыі чакаць ня варта.У кожным разе мы можам на ўласныя вочы назіраць, што адбываецца з нашымі грошыкамі на дзяржаўных прадпрыемствах: ужо ладны кавалак часу яны працуюць не на нас, а на склад.

Яшчэ адна падзея дадае разуменьня пра тое, паводле якога прынцыпу Беларусь пазычае грошы. У адрозьненьне ад мінулага году прадстаўнікі ўраду не паехалі на вясновую сэсію МВФ і Сусьветнага банку. Калі б краіна ўсур’ёз плянавала атрымаць грошы ад гэтых міжнародных арганізацыяў, то нават штогадовае пасланьне не перашкодзіла б знайсьці ўва ўрадзе дэлегатаў дзеля гэтай паездкі. Прычына мо’ у тым, што хоць гэтыя грошы й таньнейшыя, але атрымаць іх магчыма толькі пад праграму структурных рэформаў, скіраваных на разьвіцьцё прыватнага сэктару, ды жорсткую грашовуюй бюджэтную палітыку, што мецьмуць на мэце замацаваньне макраэканамічнай стабільнасьці. Ці тое нашыя ўлады ня любяць прыватны сэктар, ці ім замінае макраэканамічная стабільнасьць - мне цяжка сказаць, але чамусьці яны лічаць за лепшае пазычаць даражэй, але ад тых, хто ня ставіць умоваў, ці савіць такія ўмовы, што можна не выконваць.

Тым часам, чарговы раз заслухаўшыся па радыё ў машыне пра стратэгію рэфінансаваньня доўгу, мадэрнізацыю ды посьпехі высокапрадукцыйных вытворчасьцяў, можна трапіць колам у яміну - шкада ўсё ж, што дарогі ў нас не патрапілі ў мадэрнізацыйныя прыярытэты…

Еще больше материалов по теме: «Беларусь: мнение экономиста»

Подпишитесь на новости:
 
Читайте также