2015-02-04T08:23:21+03:00
КП Беларусь

Ці варта беларусам гэтым летам чакаць цудаў ад эканомікі?

У адпачынак ехаць можна смела: па прыезьдзе ўсё будзе стабільна
Поделиться:
Изменить размер текста:

Чэрвень - ня той час, калі лёгка пісаць на эканамічныя тэмы. Бо загадзя ведаеш, што эканамічнае чытво не знаходзіцца сярод найбольш папулярных летніх заняткаў. Нацыянальная валюта абясцэньваецца занадта павольна, каб выглядаць пагрозай для рублёвых ашчаджэньняў, цэны, здаецца, канчаткова пад кантролем, за нерухомасьць абяцаюць шчыльна ўзяцца… Карацей, можна сьмела ехаць у адпачынак: па прыезьдзе ўсё будзе стабільна, мо’ нават жыльлё патаньнее!

Але для каго лета адпачынак, а для каго - праца. Шмат працы, напрыклад, у прагназістаў (і ня толькі сыноптыкаў). Над чарговым прагнозам працуе урад (зьявілася інфармацыя, што на наступны год плянуецца дасягнуць росту ВУП на 9,6%!), МВФ толькі скончыў працу над чарговай справаздачай (якая таксама месьціць прагноз на сярэднетэрміновую пэрспэктыву). Некалькі дзён таму апублікаваны прагноз незалежных экспэртаў - Дасьледчага цэнтру ІПМ. Што праўда, апошнія два дакумэнты нашмат больш асьцярожныя ў ацэнках эканамічнага росту на наступны год, падаючы 2,6 і 2,5% росту адпаведна. Пры гэтым урадавы прагноз (папярэдні) інфляцыі вельмі падобны на ацэнкі МВФ і Дасьледчага цэнтру ІПМ. Выглядае, што ўлады проста больш аптымічтычна глядзяць на дзьве рэчы - рост вонкавага попыту й магчымасьці дасягаць росту ВУП праз стымуляваньне ўнутранага попыту.

Адзін са спадзеваў беларускіх уладаў - гэта экспарт. І, вядома, цуды здараюцца - хоць сёньня і сусьветная, і расейская эканомікі перажываюць не найлепшыя часы, але чаму б ім не акрыяць у наступным годзе? Ня верыце? Тады для вас другі сцэнар: будзем фінансаваць інвэстыцыі й падвышаць даходы. А за дадатковыя грошы беларусы купяць беларускія тавары. А іхнія вытворцы, хоць і ўбачаць рост попыту, але цэны падвышаць ня будуць. І трактары мы са складоў прадамо, і тканіну, і нават кансэрвы. Усё спатрэбіцца запасьлівым беларусам. Таксама выглядае ня вельмі верагодным? Ну, тады больш пільна чытаем альтэрнатыўныя варыянты.

На маю думку, сярод іншых цікавых рэчаў з гэтых дакумэнтаў варта вылучыць дзьве. Па-першае, у абодвух тэкстах аўтары засяроджваюць увагу на тым, што Беларусі ў бліжэйшыя гады спатрэбіцца знайсьці вялікі аб’ем валюты, каб сплаціць доўг, заплаціць за імпарт, аддаць Расеі мыты за нафтапрадукты, прыбытак - інвэстарам, заробкі - тым працоўным мігрантам, што працуюць у нас (ёсьць і такія). І магчымы недахоп фінансаваньня можа паставіць пад сумнеў нават той невялічкі рост, які прагназуюць згаданыя арганізацыі. Па-другое, паводле ацэнак МВФ, беларускі рубель ізноў стаўся занадта дарагім: каб пазьбегнуць росту дэфіцыту да пагрозьлівых памераў, трэба абясцэніць рубель на 4 - 11% (у залежнасьці ад спосабу ацэнкі). МВФ пачаў пісаць пра завышаны курс беларускага рублю за некалькі год да крызісу 2009 г. (тады ацэнкі вагаліся ад 11 да 14%, а ў выніку адбылася аднаразовая дэвальвацыя на 20,5%).

З гэтага не вынікае, што пасьля адпачынку вы з сумам будзеце глядзець на тое, што сталася з рублёвымі ашчаджэньнямі. Але разьлікі эканамістаў чарговы раз сьведчаць пра тое, што бягучая эканамічная палітыка ізноў ня можа зладзіць з вонкавымі дысбалянсамі. Альбо, калі казаць проста, ува ўладаў не атрымліваецца стымуляваць экспарт і стрымліваць рост імпарту. А калі так - стабільнасьць праіснуе да таго моманту, пакуль беларускім уладам даюць грошы. Хаця, вядома, цуды здараюцца - хоць зараз структурныя рэформы ідуць марудна, але чаму б уладам не прыслухацца да (вельмі агульнай) парады МВФ «правесьці комплексныя й маштабныя структурныя рэформы, каб палепшыць размеркаваньне рэсурсаў і закласьці асновы добрага функцыянаваньня рынкавай эканомікі»? Ці апраўданыя такія спадзевы, ці не - даведаемся ў хуткім часе. А пакуль - харошых вам прагнозаў… надвор’я, вядома:лета ж!

Еще больше материалов по теме: «Беларусь: мнение экономиста»

Подпишитесь на новости:
 
Читайте также