2016-08-24T03:11:03+03:00
КП Беларусь

“Што, ізноў?!” ці “а можа так і трэба…”: як ставіцца да плянаванага ўздаражэньня камуналкі

У наступным годзе камуналка можа ўздаражаць на 2/3.
Поделиться:
Анна АБРАЗУМОВА.
Изменить размер текста:

Прынята лічыць, што беларускія ўлады абралі для краіны “уласны шлях” ды ня слухаюць аўтарытэтных міжнародных экспэртаў. Але ці так гэта? Мяркуйце самі: раіў нам МВФ правесьці дэвальвацыю ў 2009 годзе – правялі. Антыкрызісны фонд патрабаваў замарозіць заробкі бюджэтнікаў у 2011 годзе – замарозілі. Не мінула й двух гадоў як Сусьветны банк параіў падвысіць камунальныя тарыфы для насельніцтва – і неўзабаве прадстаўнікі дзяржаўных ворганаў загаварылі пра тое, што “бюджэтнае субсідаваньне жыльлёва-камунальных паслуг для насельніцтва дасягнула крытычнага ўзроню”. І хоць камуналка зараз даражэе нашмат хутчэй за большасьць тавараў і паслуг (вось і ў жніўні чарговы раз падаражэлі электрычнасьць і ацяпленьне), рост тарыфаў можа паскорыцца. У СМІ зьявілася інфармацыя,што ў наступным годзе плянуецца давесьці пакрыцьцё насельніцтвам выдаткаў ЖКГ да 30%. У выніку камуналка можа ўздаражэць за год прыкладна на 2/3.

Відавочна, і экспэрты Сусьветнага банку, і беларускія ўлады сталіся прыхільнікамі росту тарыфаў не таму, што схацелі зрабіць бяднейшымі простых грамадзянаў. Галоўная праблема адносна танных паслуг ЖКГ для насельніцтва ў тым, што страты камунальнікаў ад нізкіх тарыфаў для насельніцтва пакрывае ня толькі бюджэт, але й прадпрыемствы. Прамысловасьць і іншыя галіны аплочваюць іх па завышаных коштах, што робіць іхнія тавары менш канкурэнтаздольнымі. Таму істотна, каб адначасова з ростам камунальных тарыфаў зьменшыліся адпаведныя тарыфы для прадпрыемстваў. Інакш атрымаецца, што рост тарыфаў адно зьменшыць бюджэтнае субсідаваньне камунальнай гаспадаркі (выдаткі бюджэту), а вось росту бюджэтных даходаў ад падвышэньня канкурэнтаздольнасьці прадпрыемстваў ня будзе.

Іншая прычына, чаму варта было б падвысіць тарыфы – стымулы спажыўцоў камунальных паслугаў. Тут усё проста: вышэй цана – менш спажываеш. Але ўжо зараз пераважная большасьць хатніх гаспадарак усталявалі лічыльнікі вады й электрычнасьці й даволі ашчадна ставяцца да іх спажываньня. А вось менш цяпла большасьць людзей спажываць ня зможа, нават калі праінвэстуе ў энэргазьберагальныя вокны, дзьверы й да т.п. Як гублялася цяпло празь неэфэктыўную сыстэму цеплатрасаў, так і будзе губляцца, падвышай тарыфы ці не. Таму было б някепска даведацца, ці плянуе дзяржава інвэставаць у эфэктыўную цеплаэнэргетыку, ці мы надалей будзем плаціць за ацяпленьне навакольнага асяродзьдзя.

Нарэшце, незразумелым застаецца, ці будзе дзяржава клапаціцца пра тыя групы насельніцтва, што найбольш пацерпяць ад уздаражэньня паслуг ЖКГ. Афіцыйны прагноз інфляцыі на наступны год– каля 10%, заробкі, пэнсіі ды іншыя даходы мусяць падвысіцца не нашмат болей.Таму камуналкастанецца нашмат больш заўважнай часткай нашых выдаткаў. І хоць зараз на аплату паслуг ЖКГ выдаткоўваецца адно каля 5% сярэдняга сямейнага бюджэту, асобныя групы насельніцтва пацерпяць даволі моцна. Найбольш уразьлівымі зьяўляюцца сем’і зь нізкім даходам (напрыклад, шматдзетныя, сем’і зь беспрацоўнымі ці эканамічна неактыўнымі дарослымі), а таксама, напрыклад, гарадзкія пэнсіянэры (асабліва самотныя).Магчыма, ўлады спадзяюцца, што адмоўныя сацыяльныя наступствы такіх захадаў кампэнсуе сыстэма адраснай сацыяльнай дапамогі, але варта было б альбо патлумачыць людзям, як яны могуць скарыстацца яе магчымасьцямі ў выпадку росту камунальных выдаткаў, альбо прапанаваць ім іншыя зразумелыя мэханізмы падтрымкі.

Гісторыя з плянамі наконт росту камунальных тарыфаў чарговы раз паказала, што нават правільныя ідэі ўладаў даволі кепска камунікуюцца: ні табе вызначаннасьці наконт таго, што й як ўздаражэе, ні навошта гэта патрэбна, ні як будуць абароненыя найбольш пацярпелыя… Калі б да прадуманага комплексу захадаў па рэфармаваньні ЖКГ дадалася прадуманая камунікацыя – такая рэформа магла б з “сацыяльна небясьпечных” пераўтварыцца калі не ў “сацыяльна-пажаданыя”, дык хаця б атрымаць паразуменьне з боку беларусаў.

Еще больше материалов по теме: «Беларусь: мнение экономиста»

Подпишитесь на новости:
 
Читайте также