2016-08-24T02:52:39+03:00
КП Беларусь

За даўгі краіны і неэфектыўнасць дзяржаўных прадпрыемстваў беларусы расплачваюцца высокімі цэнамі ў крамах

Наш калумніст разбіраецца, чаму так падаражала жыццё ў апошні час
Поделиться:
За даўгі краіны і неэфектыўнасць дзяржаўных прадпрыемстваў беларусы расплачваюцца высокімі цэнамі ў крамахЗа даўгі краіны і неэфектыўнасць дзяржаўных прадпрыемстваў беларусы расплачваюцца высокімі цэнамі ў крамахФото: Дмитрий БРУШКО
Изменить размер текста:

Амаль месяц таму з’явілася навіна пра вынікі аднаго афіцыйнага сацыялагічнага апытання. Сярод паказчыкаў даверу да палітычных сіл і эканамічнага самаадчування неяк згубілася кароткая інфармацыя пра тое, якія праблемы найбольш хвалююць жыхароў Беларусі. Але як па мне, дык каб мець давер, трэба вырашаць праблемы. А яны тыя ж самыя, што і ў 2006-м, і ў 2009-м, і ў 2011-м: «рост цэнаў на тавары і паслугі і распаўсюджаннасць п’янства і наркаманіі».

Я, як жыхар Беларусі, цалкам падпішуся пад гэтымі праблемамі. Я нават ня буду спасылацца на лічбы - цяжка казаць, напрыклад, маладым бацькам, што інфляцыя ў лютым склала 2%, калі дзіцячы кефір аднаго з беларускіх вытворцаў уздаражэў з 2450 да 3550 за пачак, а смятана другога вытворцы спачатку скочыла ў цане з 5600 да 6500, потым згубіла 6% тлушчу, а потым уздаражэла да 8600 за слоічак - і ўсё гэта цягам некалькіх тыдняў!Такія рэчы кідаюцца ў вочы. І камунальныя тарыфы таксама. І кінуцца ў вочы новыя кошты на паслугі дзіцячых садкоў… І ці толькі яны?

Вядома, шмат якія тавары не змяніліся ў цане ці нават патаннелі, і я ня маю падставаў не давяраць афіцыйным лічбам. Але ж гэтыя тавары і паслугі называюцца сацыяльна значнымі. Зразумейце мяне правільна: я супраць рэгулявання цэнаў і не заклікаю дзяржаву да таго, каб яна цьвёрдай рукой забараніла вытворцам іх падвышаць. Я кажу пра тавары і паслугі, цэны на якія дзяржава падвышае сваімі рукамі. І я, параўнаўшы нашыя цэны на харчаванне, вопратку, абутак, лекі, асобныя паслугі (не камунальныя) з такімі ж цэнамі ў іншых краінах, магу сказаць: мы за апошнія два гады абагналі і Азербайджан з яго нафтадалярамі, і Літву з Польшчай з іх нашмат больш высокімі сярэднімі заробкамі. І ня толькі іх.

Ёсць некалькі прычын, чаму так атрымалася. Пачну з таго, чаму раптам улады узяліся за цэны. Беларусь ужо амаль 10 год ніяк ня можа выкараскацца з дэфіцыту плацёжнага балансу. Улады шмат пазычалі, каб фінансаваць гэты дэфіцыт, і зараз мусяць выдаткоўваць грошы на тое, каб абслугоўваць і сплочваць гэты доўг. Вось і падвышаюць тарыфы, дзе магчыма. А яшчэ каб за вольныя грошы беларусы менш набывалі замежнай валюты і імпартных тавараў.

Далей - чаму цэны ВЫСОКІЯ. Як кажуць, кепскі той прадпрымальнік, які ня марыць стацца манапалістам. Але калі прадпрымальнікаў шмат, то ніхто ў манапольнай сітуацыі доўга не ўтрымаецца - канкурэнцыя прымусіць зніжаць цэны. Але ў Беларусі канкурыруюць ня толькі і ня столькі прадпрымальнікі, колькі дзяржаўныя прадпрыемствы. І ў іх ёсць два жалезных козыры: мы плоцім заробкі, і мы забяспечваем занятасць. І гэтыя прадпрыемствы бясконца бароняць ад унутранай і вонкавай канкурэнцыі, а значыць, яны могуць дазволіць сабе мець высокія выдаткі і выстаўляць высокія цэны - альтэрнатыву дзяржава робіць ня вельмі даступнай. Таму пакуль сектар дзяржаўных прадпрыемстваў ня будзе рэфармаваны, датуль беларусы будуць плаціць завышаныя цэны.

Яшчэ адна прычына высокіх цэнаў - мытны саюз з Расіяй. Дарагія аўтамабілі і будаўнічыя паслугі - найбольш яскравыя прыклады «выгад» інтэграцыі для простага спажыўца. Але давайце пойдзем крышачку далей. Калі беларус ня можа дазволіць сабе новы аўтамабіль, ён выдаткоўвае час і грошы на рапараванне старой ламачыны. Калі беларус ня можа дазволіць сабе наняць будаўнікоў, бо яны выстаўляюць амаль расійскія кошты на свае паслугі (і працуюць за наяўныя) - ён будзе будаваць сам і выдаткоўваць на гэта свой час і грошы. Калі дарагое харчаванне - беларус будзе вырошчваць яго саматугам. І правільна: выдаткоўваць на гэта час і грошы. І, галоўнае, рабіць гэта непрадукцыйна, бо вучыўся іншаму. І асноўную працу будзе рабіць непрадукцыйна, бо трэба весці «натуральную гаспадарку». А дзяржава потым скажа яму: прадукцыйнасць нізкая - заробкі адпаведныя. Яшчэ і цэны падвысіць, каб імпарт не набываў.

…А пра п’янства і наркаманію прыгадваецца іншая навіна. Кажуць, Еўрасаюз забароніць прадаваць булачкі з карыцай, бо карыца - канцэраген. Але і табак - канцэраген, і алкаголь дакладна не падаўжае жыццё і не паляпшае яго якасць - але нешта іх прадаюць на кожным кроку і ў Еўрасаюзе, і ў нас, нават шапікі адмысловыя будуюць. А што, няхай труцяцца, калі такія нізкапрадукцыйныя…

Подпишитесь на новости:
 
Читайте также