2019-07-29T15:46:29+03:00
КП Беларусь

Да апошняга дыхання...

Гiсторыя майго прадзеда Міхаіла Антонавіча Мірановіча
Поделиться:
Фото: личный архивФото: личный архив
Изменить размер текста:

Шмат гадоў прайшло з тых часоў, але душы людзей і цяпер плачуць пры думцы аб вайне. Гэтую працу я пачаў пісаць тады, калі даведаўся пра конкурс, але лёгка мне гэта не далося: цяжкая, складаная тэма, а я неабыякавы да тых трагiчных падзей.

Мне заўсёды было цікава даведацца, якія мары і жаданні былі ў дзяцей, якіх вайна пазбавіла ўсяго, і найперш - дзяцінства. Напэўна, цяжка быць не па гадах дарослым. А сёння сярод моладзі лічыцца дарослым той, хто раней пачаў піць, смаліць... Тады ж усё было інакш: у гады ваеннага ліхалецця мера сталення вымяралася бясстрашнасцю і гатоўнасцю змагацца з ворагам. Тады, каб пасталець, не бралі ў рукі бутэльку піва, а бралі зброю, каб змагацца…

Мой прадзед Мірановіч Міхаіл Антонавіч нарадзіўся 26 кастрычніка 1921 года ў вёсцы Панізоўе Лагойскага раёна. Скончыў Ленінградскае артылерыйскае вучылішча, трапіў на фронт. Ваяваў на Ленінградскім фронце, удзельнічаў у вызваленні горада. Ён вярнуўся героем, атрымаў шмат ўзнагарод, я ведаю яго па фотаздымках, па расказах сваіх родных. Шкада, што не застаў прадзеда ў жывых, але буду памятаць і шанаваць яго подзвігі, каб расказаць аб іх ужо сваім дзецям.

З успамінаў:

Чэрвеньскім ранкам 1941-га пачалася вайна. На нашу зямлю прыйшлі фашысты. Пуста стала на вуліцах многіх гарадоў і вёсак. Многія людзi адразу пайшлі ў партызанскія атрады. Пайшоў змагацца з ворагам і мой прадзед-падлетак. Разам з сябрамі ўзялі хлеб, крупы - і ў лес. Днём было не страшна, але па начах баяліся. Нам здавалася, што хтосьці ідзе, шукае нас. То дождж пойдзе, то вецер разгуляецца, - тады мы хаваліся пад кусты і сядзелі ціхенька. Праз некалькі дзён у лес прыйшлі дарослыя. Усе разам пабудавалі зямлянкі, там жылося добра: было цёпла, не заліваў дождж. Увечары галінамі з дрэў шчыльна зачынялі ўваход, каб не было відаць агню. Аднойчы на наш след напалі немцы і пачаўся абстрэл. Непадалёку было балота, мы ўсе кінуліся туды і залеглі. Ад холаду зуб на зуб не трапляў, сэрца так стукала… На шчасце, немцы прайшлі і нікога не заўважылі. Мы паляжалі яшчэ і, калі стала зусім ціха, пайшлі назад ў лес.

Аднойчы ноччу нас схапілі немцы і вывелі на вуліцу. Аказалася, там ужо шмат дзяцей. Гляджу: сярод іх і мой таварыш - стала крыху весялей. Падумаў: «Як бы гэта нам уцячы ад немцаў». Нас пагналі ў разбітую школу, адкуль хацелі адправіць у лагер. Але думка пра ўцёкі не пакідала. У школьнай падлозе я заўважыў вялізную дзірку, якая засталася ад выбуху. У гэты час прыехала некалькі грузавікоў, і дзяцей пачалі закідваць у машыны. Малыя плакалі, крычалі, пачалася мітусня. Я вырашыў: зараз ці ніколі. Я штурхнуў свайго таварыша ў дзірку і сам туды скокнуў. Але мне не ляжалася: хацелася паглядзець, што адбываецца там. Падпоўз да дзіркі і ўбачыў, што дзяцей пагрузілі ў машыны і павезлі. Стала ціха, але раптам пачулі крокі. І цішыню прарэзала аўтаматная чарга. Кулі ляглі недалёка ад нас. Мы баяліся нават дыхаць. Калі ўсё сціхла, мы папаўзлі ў двор, там і прасядзелі да цемры.

Блакадны Ленінград

Людзі былі не гатовыя да такой трагічнай і небяспечнай сітуацыі: у іх амаль не было запасаў харчавання, да таго ж восенню 41-га халады прыйшлі вельмі рана. Сотні тысяч ленінградскіх жыхароў гінулі ад снарадаў, жорсткіх халадоў і голаду. Прадзед казаў, што яны сілкаваліся ўсім, што знойдуць, а ваду пілі прама з Нявы. Дастаўляць хоць невялікую колькасць прадуктаў і медыкаментаў стала магчыма толькі тады, калі Ладага пакрылася тоўстым льдом. Гэты небяспечны ледзяны шлях ленінградцы называлі «дарога жыцця». Яго даўжыня была прыкладна 500 метраў.

Гэты жудасны перыяд доўжыўся 871 дзень. Прадзед і яго аднапалчане аддалі ўсе свае сілы, каб выратаваць Ленінград ад разбурэння. Прызнаючы заслугі артылерыі, мясцовыя жыхары называлі іх «агнявым шчытом» горада. Прадзед распавядаў, як артылерысты самі цягнулі шматтонныя артылерыйскія пушкі, пераносілі на руках боепрыпасы. Гаўбіцу называлі «сталёвым венікам».

12 студзеня 1943-га ранішнюю цішыню ўзарваў залп рэактыўных мінамётаў-кацюш. Пачалася артылерыйская падрыхтоўка. Стрэлы амаль тысяч гармат і мінамётаў зліўся ў суцэльны гул. Хутка над абаронай ворага бушаваў «вогненны смерч». 24 студзеня 1944-га армія, што абараняла фронт Ленінграда, здзейсніла прарыў блакады.

Пра сваю вёcку і аб справах дома прадзед ведаў толькі па лістах ад родных. З пісьма маці:

«Аднойчы раніцай пачулі грозны гул танкаў і ваенных машын. Па дарозе на Докшыцы ішоў эшалон немцаў. Відаць, забеспячэнне ў іх было дрэннае: кароў вясковых забіралі, курэй… Разам з немцамі прыйшоў новы парадак. Хоць кажуць, што цярплівы беларускі мужык, але і яго цярпенню ёсць мяжа. У жніўні 1941-га на Бягомльскай зямлі, як і на ўсёй тэрыторыі Беларусі, разгарнуўся партызанскі рух. Бягомльскія партызаны забяспечвалі ўстойлівую дзейнасць партызанскага аэрадрома (да вайны ўзляталі паштовыя самалёты). У снежні 1942-га Бягомль быў вызвалены. Над будынкам райкама лунаў савецкі сцяг, прыляталі самалёты на аэрадром, з медыкаментамі, газетамі з Вялікай зямлі. А на Вялікую зямлю самалёты вывозілі раненых».

Пасля баёў за Ленінград Міхаіл трапіў на фронт пад Малдову, на станцыю Яссы. Савецкім войскам была пастаўлена задача наступаць на румынскія землі, на тэрыторыю дзяржавы. За два дні варожая абарона была зламана, але прадзеда тады моцна раніла: асколкам адарвала нагу. Але гэта яго не зламала. Пасля шпіталя яго адправілі дадому - ў Бягомль. Вялікая Айчынная вайна скончылася. Пераможцы вярталіся дадому. І мой прадзед вярнуўся героем, атрымаў шмат ўзнагарод. За баявыя подзвігі ён узнагароджаны ордэнам Леніна, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі "За баявыя заслугі", "За адвагу" і інш.

Прадзед распавядаў пра вёску Шунёўку, якую спасцігла трагедыя Хатыні. На досвітку 22 мая 1943 года фашысцкія захопнікі сагналі жыхароў у хлеў і спалілі. Партызаны жорстка помсцілі фашыстам: ляцелі пад адхон эшалоны, узрываліся масты… У Шунёўцы загінула 66 чалавек. Бачылі і чулі, як гарэла Шунёўка, і жыхары навакольных вёсак. Старых карнікі палілі ў хляве, а дзяцей кідалі ў калодзеж. Па краях калодзежа людзі паклалі шэрыя камяні-валуны - як сімвалы бязмернай жорсткасці фашыстаў. Побач - зламаны паветраны змей, якому ўжо ніколі не падняцца ў неба... Шунёўка пасля вайны не адрадзілася, як і многія іншыя населеныя пункты, затаптаныя крывавым ботам ворага.

Хоць прайшло ўжо шмат гадоў з той страшнай вайны, людзі і сёння не забываюць яе. Для мяне, як і для кожнага нармальнага чалавека, агідны любы гвалт. А больш за ўсё, калі мішэнню злачынстваў становяцца дзеці - самыя чыстыя істоты на зямлі. На жаль, цяперашняе пакаленне не заўсёды шануе памяць продкаў. Гэта наш святы абавязак - захоўваць памяць пра герояў вайны. Вельмі правільна сказана: «Народ, які не ведае свайго мінулага, не мае будучыні». Я б напісаў гэтыя словы ў кожнай школе, кожным доме. І ў кожным сэрцы.

Миронович Виталий Олегович.

Подпишитесь на новости:
 
Читайте также