2019-08-13T10:41:35+03:00
КП Беларусь

"І тут мы застылі: перад вачыма - чалавек дзесяць з аўтаматамі"

Дзякуй за ўсё, дарагі прадзядуля Пётр Якаўлевіч Ярмак!
Поделиться:
Фото: личный архивФото: личный архив
Изменить размер текста:

Вайна - жудасны час. Гэта час голаду, гора, смутку і разбурэнняў. Яна парушыла звыклы рытм жыцця, пакалечыла шмат чалавечых душ, кожную хвіліначку ставіла чалавека перад выбарам - застацца сумленным і загінуць ці выжыць цаной здрады блізкім, родным, сябрам.

Жах вайны не абмінуў і нашу сям’ю. Мой прадзядуля, Ярмак Пётр Якаўлевіч, у 23 гады таксама трапіў на фронт. Калі я была мальнькай, ён вельмі часта распавядаў пра сваё франтавое жыццё. Асабліва ўразіла мяне гэта гісторыя:

“Была сярэдзіна вайны. Даручыў нам камандзір адказнае заданне. Мяне прызначыў галоўным групы, даў шэсць чалавек у падпарадкаванне і кажа: “Адна надзея на вас. Знайдзіце лагер, дзе хаваюцца нямецкія войскі.”

Паабяцалі мы камандзіру загад выканаць і адправіліся на пошукі. Тры дні скакалі праз лясы і палі. Раптам пачулі нямецкую гаворку. Коней пакінулі і пайшлі пешшу. Ідзем праз лес, бачым наперадзе абрыў. Ісці небяспечна, могуць заўважыць. Даў каманду пераадольваць паўзком. Дабраліся мы да нямецкага лагера, а там склад боепрыпасаў. Вось бы трохі зброі здабыць! Справа рызыкоўная, але немцаў там не вельмі шмат. Перабіраючыся ад аднаго прыкрыцця да другога, падабраліся да склада. Там дзяжурылі два вартаўніка. Аглушылі мы іх і ўварваліся на склад. І тут мы застылі: перад вачыма чалавек дзесяць з аўтаматамі. Дваіх салдат нашай групы адразу застрэлілі, а астатнія кінуліся ўцякаць. Бяжым, адстрэльваемся, а патронаў засталося вельмі мала. Тут мяне паранілі ў нагу, ледзь дабраўся я да каня. Ускочылі на коней. Толькі пачалі адрывацца, як наперадзе эскадрон нямецкай кавалерыі з'явіўся. Загадаў я раздзяліцца. Мы ўдваіх з аднаго боку сталі немцаў абыходзіць, а трое іншых салдат - з другога.

Ворагі таксама раздзяліліся. Вырашыў я прымяніць хітрасць. Гляджу - непадалёк яма, прыкрытая галінкамі. Крычу наперадзе таварышу: “Стой!” Але было ўжо позна. Пераскочыў яму і далей паскакаў, а немцы яе не заўважылі і ўпалі туды.

Вось так дабраліся мы да свайго лагера і выканалі заданне. Так, не шкадуючы сябе, усю вайну прайшоў я. За ўвесь час двойчы быў паранены, але мне пашанцавала вярнуцца дадому жывому".

Мяне вельмі хвалююць подзвігі нашых дзядоў і прадзедаў у час вайны. І хачу сказаць вялікі дзякуй за тое, што яны зрабілі. Дзякуй за тое, што яны заўсёды ішлі наперад да Перамогі, за тое, што ніколі не гублялі веры і надзеі. Дзякуй за тое, што не падалі духам і ішлі далей з горда паднятай галавой, за тое, што, не шкадуючы свайго жыцця, яны змагаліся за нашу будучыню! За тое, што зараз я маю магчымасць вучыцца, сябраваць, жыць пад чыстым небам маёй Радзімы - Беларусі, хадзіць па пшанічных палях, слухаць спевы птушак. І я хачу, каб цяперашнія і будучыя пакаленні памяталі аб Вашых подзвігах і ведалі, як цяжка ветэранам далася Перамога над фашызмам. Дзякуй за ўсё, дарагія ветэраны!

Гурыновіч Юлія, 10-ы клас, СШ 153 г. Мінска.

Подпишитесь на новости:
 
Читайте также